Адальстэйн Аўсберг. Апошні колер лета

Адальстэйн Аўсберг нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Хусавік на поўначы Ісландыі. Скончыў Камерцыйны каледж у Рэйк’явіку, дзе вывучаў ісландскую мову, музыку і акцёрскае майстэрства. Дэбютаваў у 1977 годзе паэтычным зборнікам «Неруш» («Ósánar lendur»), з таго часу апублікаваў цэлы шэраг кніг паэзіі, перакладаў, адзін раман і больш за тузін дзіцячых кніг. У 2014 годзе прадстаўляў сваю творчасць на Міжнародным паэтычным фестывалі імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” ў Мінску.

Ісландыя

Тая халодная зіма
ператварыла палі ў коўзанку
так што можна было катацца
паміж фермамі.

Доўгімі хмарнымі днямі
мы гулялі
на іх смарагдавым люстры
зрабіўшы з нашых санак
цягнік.

А ўвечары дома
полымя грала ў печы
бліскучай і чорнай
і цяпло плыло
з прачыненых дзверцаў
каб сагрэць пальцы
на руках і нагах.

Пах гарачай какавы
лютаўскі прыцемак
паволі сохне адзенне.

Уладарамі вялікай
шчодрай ледзяной зямлі
мы былі той зімовай парою.

Пераклад з англійскай Марыі Пушкінай
72 старонкі
Фармат 120х205мм
Жнівень 2015