Макс Шчур. Завяршыць гештальт

Першае месца прэміі Гедройца 2016: За інтэлектуальную адвагу, з якой аўтар вядзе чытача па лабірынтах свядомасці, сутыкаючы постсавецкі і еўрапейскі менталітэты на старонках адной кнігі.

“Завяршыць гештальт” – дзёньнік падарожжа “чалавека з фотаапаратам” у прасторы і часе, з Чэхіі ўва ўлюбёную краіну ягонай маладосьці Галяндыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Эўропы і сьвету, абмяркоўвае зь імі надзённыя пытаньні эстэтыкі й геапалітыкі і напружана чакае, калі зь ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэньне выехаць за мяжу – як цяпер, так дваццаць гадоў таму зь Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцьця чакае яго ў Амстэрдаме.

*

Урыўкі:

Такім чынам: паглядзім бліжэй, што новага зьявілася ў Нямеччыне цягам маёй часовай адсутнасьці? Між іншым, ня так і мала! Перадусім: пісуары без вады й запаху! Ну, без вады яны ёсьць і ў нашых вясковых барах, але бяз запаху — такога я яшчэ, сапраўды, ня нюхаў. Што яшчэ: абавязковы ў кожнай прыбіральні аўтамат цяпер прадае ня толькі гандоны, як раней, але й «міні-вібратары» — хаця зь першага разу не зусім ясна, куды й каму іх трэба засоўваць. Ясна толькі, куды й колькі кідаць манэтаў. Акрамя вібратараў, прадаецца нейкае колца для пэнісу, штучная вагіна з чароўнай назваю «Трэвэл Пуссі» (падобна зухаватыя назвы ўмеюць прыдумляць толькі ў Беларусі й толькі для бырла), і ўрэшце, каб не здавалася, што гэтага мала — гігіенічная пракладка для мужчын «Ціна-мэн»! Не, я ўсё разумею, але гэта ўжо… Адным словам, прагрэсу не спыніць. Пасьля такога дзівіцца, што нямецкі ўнітаз сам змывае вашае лайно — досыць наіўна: наадварот, дзіўна тое, што ён яшчэ сам не выцірае за вамі сраку. Што ж, усяму свой час.
Аднак ня ўсім, вядома, падабаецца гэты іхны прагрэс. Напрыклад, нейкі рускі мужык (яго я, відаць, сам наклікаў сваёй думай пра Расею) ну ніяк ня можа зразумець, куды кідаць манэту, як агораць турнікет, як замкнуць ці адамкнуць кабінку зьсярэдзіны, як зрабіць так, каб пацякла вада, дзе ўзяць сурвэтку, як уключаецца фэн для рук — праз што пачаргова лупіць па ўсіх гэтых прыстасаваньнях кулаком, натрэніраваным на тэлевізары, жонцы й субутэльніках. Пры гэтым ён уголас, быццам навокал нікога няма — яны ж па-расейску не разумеюць, знайшліся мне людзі — з кожным ударам усё гучней прыгаворвае: «Разгромить нахуй… Уничтожить…» Трапіў, што называецца, у засаду, і спрабуе адбівацца ад варожай цывілізацыі, як умее. Ажно сам не магу паверыць: дваццаць-трыццаць гадоў ужо прайшло з таго часу, калі шараговы чалавек без ружжа ўпершыню трапіў з саўка ў Эўропу, і ўсё яшчэ ніяк ня можа прывыкнуць да тутэйшых завядзёнак, хітрыкаў і непатрэбных зь ягонага гледзішча штукарстваў, створаных наўмысна для таго, каб яго прынізіць і выставіць тым, кім ён ёсьць насамрэч — даўбаёбам. Што дадаткова пацьвярджае маю тэорыю: трыццаць гадоў — яўна малавата, пачакайма яшчэ сорак-пяцьдзясят. На дадзены момант сэнс існаваньня Расеі па-ранейшаму ў тым, каб мужыку й да яго падобным было камфортна. Як той пісаў, нашая вялікая культура можа выжыць толькі на вялікай тэрыторыі.

Дык што ж ты там вывучаеш? Ну ўгадай! Добра… творчае пісаньне? Не! Сьвятое? Ані блізка! Жаночую эмансіпацыю? Цяплей. Стадыі джэндэру? Гарачэе. Я яшчэ не ўгадаў? То — гісторыю? Пфф! Здаюся! Сацыялёгію! Божа, ну я й тупы. І кім будзеш? Напэўна, сацыёлягам? Неабавязкова. Мо, проста сацыяльнаю працаўніцай. Ці ў палітыку пойдзеш. Анягож! Ты што, анархістка? Не, я яшчэ ня вызначылася. Пакуль без канфэсіі. Бачыш, і я таксама. Толькі не пакуль, а ўжо. (Пачынаю адкрыта какетнічаць.) А раней кім быў? Раней? Належаў да аўтафэкальных ўудыстаў. Ух ты! — ня чула… Нядзіва. А цяпер улетку што робіш, Імке? Падарожнічаеш? Ну так, калі дакладна, еду да аднакурсьніцы зь Льежу, падбяру яе й паедзем адпачываць. Не ў Галяндыю, часам? Ага, дык ты ў Галяндыю? У Амсьцік? Так, у тым ліку. От, шайзэ! Што здарылася? Здаецца, не туды павярнула. Цяпер едзем на Люксэмбург. Гэта я цябе забалбатаў, выбачай… Ды не, гэта ты выбачай. Такі аб’езд… Не бяды, я ў Люксэмбургу яшчэ ніколі ня быў. Хаця пару знаёмцаў там маю, працуюць між іншым у эўраструктурах, перакладчыкамі. А ты сам хто па прафэсіі? Я? Цяпер, лічы, ніхто. Беспрацоўны? Лепш будзе сказаць — уцякач. (Пачынаю какетнічаць па максымуме.) Уцякач?! Ня бойся, Імке, я ўжо даўно легалізаваны, прышчэплены й нават асыміляваны — прынамсі, у Чэхіі. Ды я не баюся, наадварот — уяві, я яшчэ ніколі ўцекача жывога ня бачыла! Толькі на фотках. А я дык на фотках бачыў толькі мёртвых… (Гэта я дарэмна.) Нічога сьмешнага ня бачу. (Дакакетнічаўся.) Прабач, гэта называецца чорны гумар… Перастань, а то высаджу! Усё, больш колераў згадваць ня буду, абяцаю… Што зробіш, я ж з усходу… А дакладней? Ну, як табе сказаць… Можа, чула пра такую краіну, Вайсруслянд? Гэй, ты абяцаў, што больш колераў згадваць ня будзеш! Вон з маёй машыны! Ха-ха, зірні на сябе ў люстэрка! Ну так, сапраўды, крыху зьбялеў… Удала ты мяне падкалола, не чакаў. Вось бачыш, як ты мяне недаацэньваеш! Маўляў, «ці чула пра такую краіну»! Ага, дык ты там была? Ну, не бяды, я сам там даўно ня быў. Быць не была, але са мною вучыцца пару чалавек беларусаў. О, нават пару! Так, і шмат пра Беларусь расказвалі! Патрыёты! З Патрыятычнага зьвязу! Так я і думаў… Патрыя ад слова патэр. І што казалі — што «ўсходняя Швайцарыя»? Тады і праўда, на халеру туды ехаць, калі заходняя пад бокам — можна і там сабе ўяву стварыць. Дык а ты чаго туды ня езьдзіш? Куды, у Швайцарыю? Бо там дорага. Ну не прыкідвайся дурнем… На бацькаўшчыну? Не, ну я ж кажу, што я ўцякач… Чакай, дык гэта быў ня жарт? Ну а чаму — жарт? Таму што я ўяўляла сабе ўцекача крыху іначай. Хаця ў прынцыпе, калі падумаць, ты падобны. Дзякуй на добрым слове. То давай, хопіць прыбядняцца, расказвай, чаго ты ўцёк. Дарога яшчэ доўгая. Так, асабліва празь Люксэмбург…

У нашай Кнізе вы знойдзеце апісаньні ўсіх вартых вашай увагі вакольных мясьцінаў, будынкаў і культурных установаў, усе неабходныя тэлефонныя нумары, адрасы консульстваў усіх эўрапейскіх краін, некалькі мапаў, адрасы й імёны сваякоў, суседзяў, дактароў і рамесьнікаў, расклады грамадзкага транспарту, біяграфіі зьвязаных з нашым родным горадам славутых людзей, невялічкі плян кватэры і схему дзеяньняў на выпадак пажару, удзячныя водгукі папярэдніх дамбартэраўцаў, інструкцыю па карыстаньні пральнай машынай, мікрахвалёўкай і тэлевізарам, пароль для інтэрнэту й для праса, сьпіс выдзеленага вам для карыстаньня посуду, базавы ангельска-галяндзкі размоўнік, які можа спатрэбіцца вам у краме, некалькі купонаў, якія даюць вам права на зьніжку ў нашых музэях, мэню найлепшых у горадзе азіяцкіх рэстарацый, картку для адмыканьня вулічнай сьметніцы (што?), абанэмэнт на наведваньне трэнажорнай залі й салярыя, пасьведчаньне чальца гольфавага клюбу…
Далі б яны мне лепш абанэмэнт на публічны дом, думаю я, лепей бы я адразу пасяліўся там. Не хапала мне яшчэ стаць чальцом гольфавага клюбу. З другога боку, у іх прынамсі ёсьць свая Кніга, свой «Дамастрой». У мяне няма ні халеры. То бок насамрэч у мяне ў хаце адны кнігі, і некаторыя нават таксама па-ангельску, але ніводная зь іх ня можа раўняцца ў практычнай карысьці з Кнігай маіх галяндцаў. Наадварот: акурат гэтыя кнігі, ніхто іншы, вінаватыя ў маёй непрактычнасьці. Які можа быць практычны толк з жыцьця ў кляштары, якой бы багатай бібліятэкай ён ні ганарыўся? Ганарыцца бібліятэкай, да таго ж у часы інтэрнэту — у прынцыпе глупства, нават для ўстаноў, пагатоў для людзей. А вось ганарыцца Кнігай, што ўтрымлівае ў тым ліку інструкцыю па карыстаньні ўсімі бібліятэкамі (бэнзін у кладоўцы, запалкі па-над плітой) — цалкам слушна і правамерна. Што ж, трэба ўжо зараз пачынаць думаць над фармулёўкай уласнага ўдзячнага водгуку. Другога падобнага шансу трапіць у аналы ня будзе.

Мыльніца была маімі ружовымі акулярамі. Празь іх я не заўважаў мноства зусім не прыгожых, затое практычных рэчаў, такіх як знак забароны фатаграфаваньня ў квартале асалоды. Як толькі ў мой аб’ектыў трапілі паўголыя жаночыя целы, ненашмат старэйшыя за маё, я націснуў на кнопку амаль інстынктыўна — выбухнуў здрадны полыск, і дзяўчаты за шклом раптам пачалі мітусіцца й нешта бязгучна выкрыкваць у мой бок. Тут да мяне дайшло, што гэта і ёсьць тыя самыя гэтыя самыя. Дагэтуль я іх зусім ня бачыў і ня ведаў, што яны заўжды рэагуюць на парушэньне забароны здымкаў гістэрычна, быццам гэта найвялікшы грэх, які можа дапусьціць чалавечая істота супраць іншай. Тады я яшчэ не разумеў, чаму яны ненавідзяць фатографаў больш, чым любая знакамітасьць — сёньня мне ўжо гэта меней-болей ясна: яны перакананыя, што той, хто іх фатаграфуе, напэўна ж, зьбіраецца здымак апублікаваць, то бок украсьці ў іх бліскучую будучыню ўзорных мацярок і спакойную старасьць набожных бабулек, дзеля якой яны столькі пакутавалі ў мінулым і працягваюць пакутаваць цяпер. То бок як бы яны ні выстаўлялі напаказ і ні здавалі ўнаём сваё цела, яны ўсё-ткі імкнуцца «захаваць твар» — спрытна прыкрываючы яго рукамі ў самаабароне, а некаторыя самаахвярныя служкі каханьня, убачыўшы фатографа, наадварот, пераходзяць у атаку, падскокваюць на сваіх высокіх абцасах, лупяць у шыбу (як яна ня б’ецца? мо, непрастрэльная) рукамі й нагамі, нібы патрабуючы вызваленьня, выкрыкваюць нячутныя мацюкі ўва ўсіх мовах сьвету, часам плююцца, забываючыся на вітрыну, праз што робяцца невыказна сьмешнымі, яшчэ сьмяшнейшымі, чым звычайна — рыхтык разьюшаныя малпачкі ў заапарку. Але што ня сьмешна, дык гэта рэзкая перамена іхных абліччаў: зь лісьліва-мульцяшных яны раптоўна ў адно жахлівае імгненьне робяцца праўдзіва нялюдзкімі, не раўнаючы ў нябожчыц — акурат такія, на жаль, твараў не прыкрываюць, хаця нічога лепшага ў той момант параіць ім немагчыма.
Нечаканая й настолькі варожая рэакцыя на мае першыя фатаграфічныя спробы ў жанры эратычнага акту, у сваю чаргу, раззлавала мяне, бо здалася мне несправядлівай і неабгрунтаванай — і я заключыў з сабою пары (тыповыя юначыя заёбы), што з прынцыпу не ўпушчу магчымасьці сфоткаць ніводнае прастытуткі, якою б разьятранай яна ні была. Павярнуўшы за першы рог, я тут жа гэтае сваё абяцаньне ажыцьцявіў, нават не зірнуўшы як сьлед на атрыманую фотку — і ўжо рыхтаваўся ўцякаць хуткім крокам, як скмеціў, узьняўшы на ймгненьне вочы, што мая натуршчыца чамусьці не выконвае баявога танцу маладых ваўчанят, а па-ранейшаму ўсьміхаецца мне: мала таго, здаецца, яна мне тады яшчэ й падміргнула. Я спыніўся, каб лепей яе разгледзець — але ня змог, насуперак усім інстынктам і намерам, адарваць погляду ад ейных вачэй, што глядзелі на мяне з выклікам, які здаўся мне іранічным, калі ня зьдзеклівым.

У Галяндыі ў музэі Ван Гога вы знойдзеце: парасон з Ван Гогам, імбрык з Ван Гогам, яйка з Ван Гогам, падстаўку на яйка з Ван Гогам, дзіцячы вазок з Ван Гогам, сыр з Ван Гогам, падушку з Ван Гогам, матрошку з Ван Гогам, драўляныя боты з Ван Гогам, вазон з Ван Гогам, футбольны мяч з Ван Гогам, мышалоўку з Ван Гогам, працоўныя пальчаткі й фартух з Ван Гогам, ваш фатаздымак з Ван Гогам, фіранкі (для вокнаў і душу) з Ван Гогам, вусьцілкі з Ван Гогам, покрыўку для роварнага сядла з Ван Гогам, бэйсболку з Ван Гогам, абрус з Ван Гогам, кабуру з Ван Гогам, гляйсар з Ван Гогам, магчыма — нават вібратар з Ван Гогам, я не пытаўся, але прынамсі прэзэрватывы з Ван Гогам — не сумнявайцеся! Вы зьдзівіцеся: ну якому ідыёту патрэбны, скажам, дзіцячы вазок з Ван Гогам? Адказ: а вам клопат? У сувэнір-шопе ня меней чым у існаваньне бога вераць у тое, што такі высокакультурны ідыёт, які марыць набыць свайму немаўляці вазок з Ван Гогам, недзе існуе, бо ў божым сьвеце магчымае абсалютна ўсё, а бізнэсу патрэбная перадусім адпаведная тэалёгія! Гэтак жа сьвята тут вераць і ў тое, што аднойчы гэты ідыёт абавязкова ў сувэнір-шоп прыйдзе й запатрабуе прадаць яму дзіцячы вазок з Ван Гогам — і што б яму адказалі, калі б тут дзіцячага вазку з Ван Гогам не было? А так — вось табе маеш, атрымай свой вазок! Ён чакаў тут гадамі толькі цябе — і пры гэтым выдатна захаваўся! А зараз — заплаці нам за яго ўдвая болей, чым за звычайны вазок, таму што гэты вазок — не звычайны, а вазок тваёй мары, вазок з Ван Гогам, такога ні ў кога няма, гэта ж прыкольна, асабліва калі ты гіпстэр і мусіш быць не падобным да астатніх гіпстэраў! Да таго ж, ты купляеш яго ня дзе-небудзь, а ў самым сапраўдным галяндзкім музэі самага сапраўднага галяндзкага Ван Гога! Ну і што, што ён выраблены ў Кітаі! Калі ўзяць да ўвагі яго нізкі сабекошт, то шалёная сума, якую мы за гэты вазок зараз зь цябе спагонім, абсалютна вартая таго, каб загадзя замовіць для цябе гэты вазок у Кітаі, прывезьці яго з Кітаю, складаваць яго гадамі ў нашым музэі Ван Гога, каб потым агаломшыць цябе эвангельлем: мы сапраўды маем для цябе вазок з Ван Гогам! Вось гэтак, спадарства, робіцца бізнэс. Наш лёзунг: любы капрыз! — хай самы тупы, безгустоўны, на першы погляд немэтазгодны, збачэнскі —зноў-такі, а вам клопат? Грошы ня толькі ня пахнуць, але й не чырванеюць за дурасьць свайго (між тым ужо былога) гаспадара. Ну і што, што той самы Ван Гог, даведаўшыся пра дзіцячы вазок з Ван Гогам, адрэзаў бы сабе й другое вуха, на ўсякі выпадак яшчэ выкалаўшы вочы? Затое загадчык музэйнай крамы, калі б у ёй не было дзіцячага вазку з Ван Гогам, зрабіў бы сабе харакіры! — дзьвесьце гадоў шчыльных культурных сувязяў, як я ўжо адзначаў, проста так не праходзяць.

Снежань 2015 году
Фармат 120х165мм
310 старонак