Атэна Фарухсад. Белая нізка

“Белая нізка” — адзін з самых значных паэтычных дэбютаў у Швецыі за апошнія гады. Кнігу, якая выйшла ў свет у 2013 годзе, цёпла сустрэлі як крытыкі, так і чытачы. Паводле “Белай нізкі” зробленыя сцэнічная і гукавая пастаноўкі, выданне існуе таксама і ў электроннай версіі.

Пытанні прыналежнасці, свайго месца ў грамадстве, памяці і надзеі на будучыню — цэнтральныя ў паэтычным шматгалоссі Атэны Фарухсад. Паэтка вядзе чытача праз сямейны эпас рэвалюцыйнай рамантыкі, пераследу, гвалту і штодзённага побыту ў новай краіне. Нягледзячы на пэўную спецыфіку, гэты шлях лёгка пазнавальны амаль для кожнага і мала каго можа пакінуць абыякавым.

*

Урывак кніжкі:

Мая сям’я прыехала сюды пад сцягам марксізму

Маці адразу ж запоўніла дом лямцавымі гномікамі
Пачала ўзважваць плюсы і мінусы пластыкавых калядных ялінак
нібы гэта ёй абыходзіла

Цэлымі днямі разбірала доўгія ды кароткія галосныя
нібыта гукі, што выходзяць з яе вуснаў
вымыюць аліўкавы алей са скуры

Маці залівала сінтаксіс адбельнікам
За працяжнікам склады рабіліся бялейшыя
чым зіма поўначы

Маці будавала якасць жыцця з колькасці ежы
У падвале тыпавога дамка грувасціла бляшанкі
як перад вайной

Вечарамі шукала рэцэпты ды абірала бульбу
нібы гэта яе гісторыя зашыфраваная
у страве “спакуса Янсана”

Толькі падумаць – я смактала тыя грудзі
Толькі падумаць – сваё барбарства яна пхала мне ў рот

*

Пераклад са шведскай Дзмітрыя Плакса
Дызайн вокладкі і вёрсткі: Pascal Prosek

72 старонкі
Сакавік 2016