Сяргій Жадан. Украінскія авіялініі: выбраныя вершы

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч + Пераклады Алеся Аркуша, Уладзімера Арлова, Андрэя Вылінскага, Юрыя Гуменюка, Алега Жлуткі, Марыі Мартысевіч, Сяргея Прылуцкага, Марыі Пушкінай, Антона Рудака й Віталя Рыжкова ў бонус-анталёгіі “Адзінаццаць сяброў Жадана”

Сяргія Жадана любяць і ведаюць. Ня толькі ва Ўкраіне. Настолькі, наколькі ўвогуле сёньня могуць ведаць сучаснага літаратара. Кніжкі вершаў выходзяць неймавернымі для яго калегаў-паэтаў накладамі. Кожны раман чакаецца й сустракаецца з энтузіязмам. На жывых выступах разам з гуртом “Сабакі ў космасе” публіка танчыць – і гэта пад вершы. Праўда, трэба ведаць, як Сяргій іх чытае. З усіх апытаньняў вынікае, што Жадан – адзін з найаўтарытэтнейшых ва Ўкраіне празаікаў і, безумоўна, “галоўны”, калі можна так выразіцца, паэт. Хтосьці ўжо назваў яго найлепшым паэтам кірыліцы. (Не бяруся камэнтаваць, слаба ведаю, што пішуць сэрбы й балгары.) Хтосьці параўнаў зь “Бітлз” – маючы на ўвазе, што кожная новая праца пераўзыходзіць папярэднія, хоць, здавалася б, куды далей. У Беларусі Сяргія – прызнаюся зь лёгкім сумам як перакладчык – усё часьцей чытаюць проста ў арыгіналах, па-ўкраінску, прывозячы й замаўляючы сябрам з аказіяй ягоныя кніжкі. Тым ня менш, пералічыць усіх яго беларускіх перакладчыкаў – ад Алеся Аркуша да Антона Рудака – ня хопіць пальцаў на руках. І калі хтосьці й паўплываў на нашых найлепшых маладых паэтаў, то з пэўнасьцю – Жадан.

Жадан, які годна вытрымаў выпрабаваньне ня толькі літаратурнай славай, але і ўсімі катаклізмамі, празь якія праходзіла й праходзіць яго Ўкраіна. Калі ў 2004 быў камэндантам харкаўскага Майдану, а ў 2013 – адным з арганізатараў харкаўскага Эўрамайдану. Калі як аўтар сацыяльных тэкстаў і арганізатар шматлікіх акцыяў пляжыў розных оркаў і гоблінаў у харкаўскіх уладах. Калі змагаўся з культурнай падзеленасьцю краіны – прывозячы ў Кіеў ды перакладаючы на ўкраінскую паэтаў з Луганска, палемізуючы з рознымі снобамі й даводзячы вартасьць Усходняй Украіны. Калі ў часе нядаўніх падзеяў у Харкаве быў схоплены й ня стаў на калені перад “міратворцамі” з георгіеўскімі стужкамі, за што быў жорстка зьбіты й потым сур’ёзна лекаваўся. Калі ў часе вайны пісаў – цяпер піша! – геніяльныя й вельмі своечасовыя для Ўкраіны тэксты, абсалютна пазбаўленыя крыўды й агрэсіі. Тэксты, дзе прамаўляюцца старыя як сьвет біблійныя ісьціны, пра якія мы схільныя забываць. Ісьціны, што ў Сяргіевым пераказе гучаць абсалютна не зацёрта, чапляюць самыя балючыя кропкі, але й адначасна нясуць надзею там, дзе нагодаў для яе, здавалася б, усё меней. Бо сіла па-ранейшаму ў любові, бо “ўсе нашы страхі прывідныя, бы сьнягі”, а “чужымі нас робіць наша пагарда”, што “сама нас знаходзіць і забівае сама”.
Андрэй Хадановіч

Дызайн странгоўскага
266 старонак
Красавік 2015 года